На тэлеканале СТБ нядаўна паказалі гісторыю жанчыны, якая сур’ёзна сцвярджала: Яе кошка зняла ў яе галаўны боль. Пасля цяжкай сустрэчы яна адчула моцнае недамаганне, легла адпачыць — і ў гэты момант гадаванец пачаў паводзіцца дзіўна: цёрся аб твар, нюхаў, а потым яго званітавала. Неўзабаве боль прайшоў, і гаспадыня звязала гэта з «умяшаннем» жывёліны і нават абаронай ад нейкай негатыўнай энергіі. Падобныя гісторыі гучаць нярэдка: нехта ўпэўнены, што каты «забіраюць хваробу», нехта — што яны адчуваюць стан чалавека і лечаць яго. Аднак у гэтага эфекту ёсць нашмат прасцейшае і навуковае тлумачэнне — і яно не звязанае ні з містыкай, ні з «энергетыкай».
Чаму з’яўляецца адчуванне, што каты лечаць
Падобныя гісторыі звычайна гучаць пераканаўча менавіта з прычыны дэталяў і асабістага досведу. Напрыклад, госця шоу «Кропкі над і» на СТБ апісвае свой выпадак так: «Пасля сустрэчы з адным чалавекам я прыйшла дадому, прылегла на канапу. У мяне вельмі моцна балела галава… Котка падышла і пачала вакол твару вадзіць пысай, нюхаць мяне… Потым яна рэзка з мяне саскоквае і пачынае ванітаваць… Мабыць, хвілін праз 15−20 у мяне перастала балець галава».
Такая паслядоўнасць лёгка ўспрымаецца як прычынна-выніковая сувязь: котка нешта «зрабіла» — і боль прайшоў. Значыць, гэта неяк звязана? Але не: такія выпадкі можна растлумачыць спалучэннем некалькіх эфектаў.
Даследаванні паказваюць: галаўны боль напружання часта праходзіць сам па сабе і не патрабуе ўмяшання — асабліва калі чалавек проста адпачывае, тым самым зніжаючы ўзровень стрэсу. Паколькі апошні, таксама як і мышачнае напружанне ў вобласці шыі, часта становяцца ключавымі фактарамі для ўзнікнення гэтага тыпу болю, нават кароткачасовае расслабленне (напрыклад, знаходжанне побач з гадаванцам) можа прыкметна зменшыць непрыемныя сімптомы ў некаторых людзей.
Сам па сабе кантакт з жывёлінай ужо можа зніжаць стрэс. Нават кароткае ўзаемадзеянне з гадаванцам звязанае з паляпшэннем настрою, змяншэннем напружання, спакайнейшым станам у цэлым і нават зніжэннем ціску. Усё гэта наўпрост уплывае на ўспрыманне болю.
Таксама тут спрацоўвае эфект плацэба — то-бок сама вера ў тое, што кот зможа «пазбавіць» пакут, да гэтага і прыводзіць. У такім выпадку чаканне палёгкі, адчуванне клопату і «зносіны» з жывёлінай могуць актываваць у мозгу рэальныя механізмы змяншэння болю. Вынік — суб’ектыўнае адчуванне болю зноў змяншаецца.
Псіхолагі таксама адзначаюць: чаканне эфектыўнасці ад нейкага метаду лячэння можа ўзмацняць яго суб’ектыўна успрыманы эфект. Прасцей кажучы, людзі, якія чакаюць паляпшэння, часцей паведамляюць пра станоўчыя вынікі тэрапіі.
І, нарэшце, людзі схільныя прыпісваць жывёлам намеры і ўспрымаць іх паводзіны як усвядомленую дапамогу. У спалучэнні з супадзеннем у часе (як у выпадку з госцяй СТБ, калі яна прылегла адпачыць, да яе падышла котка, і праз 15 хвілін боль прайшоў) гэта стварае адчуванне, што менавіта жывёліна «зняла» боль. Хоць на самай справе проста спрацавалі натуральныя псіхалагічныя і фізіялагічныя механізмы.
Што на самай справе вядома пра ўплыў катоў на чалавека
Хаця такія гісторыі могуць ствараць уражанне, што каты «лечаць» хваробы, навуковыя дадзеныя паказваюць: гаворка ідзе хутчэй не пра лячэнне, а толькі пра пэўны ўплыў жывёл на стрэс, нервовую сістэму і агульнае самаадчуванне.
Як мы ўжо адзначылі вышэй, даследаванні сапраўды пацвярджаюць, што ўзаемадзеянне з жывёламі можа выклікаць фізіялагічныя змены ў арганізме. Нават кароткі кантакт — напрыклад, каля 10−15 хвілін — звязаны са зніжэннем узроўню картызолу, змяншэннем суб’ектыўнага стрэсу і паляпшэннем настрою. У некаторых эксперыментах таксама фіксаваліся змены сардэчнага рытму і зніжэнне артэрыяльнага ціску (гэта паказвае на тое, што людзі расслабляліся, узаемадзейнічаючы з гадаванцамі).
Імаверна, сукупнасць гэтых «бонусаў» у людзей, якія трымаюць хатніх жывёл, можа граць ролю і ў доўгатэрміновай перспектыве. Так, у адным буйным назіральным даследаванні з удзелам амаль 4,5 тысячы чалавек навукоўцы выявілі, што ў людзей, якія калі-небудзь трымалі катоў у якасці хатніх жывёл, рызыка смерці ад сардэчнага прыступу была ніжэйшай, чым у тых, у каго іх не было.
Нават пасля ўліку навукоўцамі такіх фактараў, як узрост, пол, курэнне, дыябет і ўзровень халестэрыну, розніца захоўвалася. Ва ўладальнікаў і ўладальніц катоў рызыка сутыкнуцца з інфарктам усё роўна была прыкладна на 35−40% ніжэйшай. Ды і ў цэлым назіралася тэндэнцыя да меншай рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Але гэта не значыць, што каты непасрэдна «абараняюць» ад інфаркту. Такія даследаванні толькі даюць назіральныя дадзеныя, якія паказваюць існаванне нейкай заканамернасці, але не даказваюць яе прычынна-выніковай сувязі.
Аўтары даследавання асобна падкрэсліваюць: сувязь паміж трыманнем катоў як хатніх жывёл і ніжэйшай рызыкай інфаркту не азначае непасрэднага ахоўнага эфекту. Хутчэй за ўсё, гэта ўскосны вынік зніжэння стрэсу і, магчыма, нейкіх асаблівасцяў ладу жыцця тых, у каго ёсць гэтыя жывёлы. Таму нельга сказаць, што каты «лечаць» сэрца.
Адзін з механізмаў уплыву ўзаемадзеяння з жывёламі на чалавека — гэта змена балансу паміж сістэмамі напружання і расслаблення ў арганізме. Згодна з назіраннямі навукоўцаў, кантакт з жывёламі можа суправаджацца не толькі зніжэннем стрэсавых маркераў, але і ростам эмацыйнага ўзбуджэння і ўцягнутасці, уключаючы актывацыю сістэм дафаміну і аксітацыну — так званых гармонаў шчасця (на самай справе яны адказваюць за рэгуляцыю нашага настрою і матывацыі).
У прыватнасці, даследаванні паказваюць: і ў людзей, і ў саміх катоў падымаецца ўзровень аксітацыну («гармону прыхільнасці») падчас спакойнага і добраахвотнага кантакту: мяккія пагладжванні, абдымкі і сумесны адпачынак запускаюць гэты працэс. Асабліва эфект прыкметны, калі кот сам ініцыюе ўзаемадзеянне (напрыклад, садзіцца на калені або трэцца). Чым даўжэй людзі і жывёлы бавяць час побач у такім стане, тым больш узмацняецца эфект і ўмацоўваецца сувязь паміж імі.
Карацей кажучы, каты дапамагаюць не проста «супакоіцца», а ў цэлым мець стабільнейшы стан, які дазваляе, адпаведна, больш паспяхова сацыялізавацца і камунікаваць з іншымі людзьмі. Кантакт з сабакамі, дарэчы, у гэтым сэнсе працуе гэтаксама.
Такія эфекты назіраюцца не толькі падчас узаемадзеяння з катамі і сабакамі, але і ў даследаваннях з коньмі: у межах тэрапіі з удзелам апошніх фіксуюцца змены ўзроўню стрэсу, зніжэнне трывожнасці і паляпшэнне эмацыйнага стану. Такія вынікі звязваюць усё з тымі ж механізмамі — гарманальнай рэгуляцыяй і змяненнем актыўнасці нервовай сістэмы.
Праўда, як заўсёды, ёсць нюанс. Важна адзначыць, што вынікі даследаванняў пра ўплыў ўзаемадзеяння з жывёламі на гармоны і фізіялогію чалавека ў цэлым застаюцца неадназначнымі. Хаця некаторыя працы сапраўды паказваюць на магчымае зніжэнне стрэсу і станоўчыя змены ў гарманальных паказчыках, гэтыя дадзеныя нельга лічыць дакладнымі праз складанасць эксперыментаў. Усё ж такі вымераць зніжэнне стрэсу даволі цяжка, ды і фактараў, якія ўплываюць на сітуацыю, мноства.
Тыя, хто даследуе гэтыя тэмы, запэўніваюць: для дакладнейшых высноваў неабходныя добра кантраляваныя міждысцыплінарныя даследаванні, якія ўлічваюць гэтае самае мноства фактараў — ад умоваў эксперыменту да індывідуальных асаблівасцяў іх удзельнікаў і удзельніц. Таму казаць пра даказаны «лекавы эфект» жывёл пакуль нельга: гаворка ідзе пра магчымыя рэакцыі арганізма, а не пра гарантаваны вынік.
Такім чынам, каты або іншыя гадаванцы дакладна не «забіраюць хваробу», не ўздзейнічаюць на яе наўпрост і не лечаць галаўнога болю. Яны толькі могуць ствараць умовы, у якіх нам становіцца лягчэй. Менавіта гэта і можа супасці па часе з натуральным змяншэннем сімптомаў і стварыць адчуванне, што адбылося «лячэнне».
Акрамя таго, эфект ўзаемадзеяння з жывёламі не ўніверсальны і залежыць ад чалавека і ўмоваў. Як мінімум гадаванцы могуць дапамагаць не заўсёды і не ўсім, а часам нават, наадварот, ствараць дадатковы стрэс.
Хоць гэты тэкст напісаны на аснове аўтарытэтных медыцынскіх крыніц, яго нельга прыраўноўваць да кансультацыі медыка. У кожнага чалавека ёсць свае асаблівасці, таму заўсёды варта кансультавацца з прафесіяналам, якому вы давяраеце.











