Мінулы год для малочнай галіны аказаўся не такім паспяховым, як 2024-ы. Пакуль адны буйныя гульцы прыкметна нарасцілі даходы і прыбытковасць продажаў, іншыя значныя вытворцы адрапартавалі пра страты. У ліку другіх — вядомы брэнд «Беллакт».
«Савушкін прадукт»
Вядомы вытворца малочнай прадукцыі летась спрацаваў на ўра. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі ў яго вырасла на 28,3% да 2024 года, перавысіўшы 5 млрд рублёў, вынікае са справаздачнасці, апублікаванай на Адзіным партале фінансавага рынку. Пры гэтым прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі павялічыўся на 71,5%, склаўшы 804,1 млн рублёў. Рэнтабельнасць продажаў вырасла з 13,6% да 19,1%.
Чысты прыбытак «Савушкіна прадукту» (грошы, якія застаюцца ў кампаніі пасля выліку ўсіх выдаткаў і падаткаў) аказаўся на 84,2% большым, чым у 2024 годзе, і склаў 572,5 млн рублёў.
Добрыя фінансавыя паказчыкі прынеслі карысць і бюджэту: кампанія заплаціла 161,3 млн рублёў падатку на прыбытак. Гэта ў два разы больш, чым год таму. Удакладнім, што, акрамя гэтага, прадпрыемствы плацяць і іншыя падаткі і ўнёскі ў бюджэт.
Паспяховы актыў Аляксандра Машэнскага выпускае 300 найменняў прадукцыі пад вядомымі брэндамі. Летась у яго структурах працавала 6914 чалавек.
«Малочны Свет»
Гродзенскі гулец малочнага рынку, які належыць дзяржаве, дадаў па выручцы ад рэалізацыі прадукцыі 14% і дасягнуў па ёй 1,3 млрд рублёў. А вось прыбытак ад гэтай дзейнасці знізіўся амаль на 2,7%, склаўшы 175 млн.
Чысты прыбытак прадпрыемства скараціўся на 20% — да 99,9 млн рублёў. Падатку на прыбытак яно заплаціла на 27,4% менш, чым год таму.
Нагадаем, у 2024-м прыбытак завода вырас амаль у два разы.
Лідскі малочна-кансервавы камбінат
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі ў гэтага гульца рынку скарацілася на 22,4% і склала 759,3 млн рублёў. Пры гэтым прыбытак ад гэтай дзейнасці знізіўся адразу ў 5,5 разу і склаў усяго 19,6 млн.
Калі год таму ў Лідскага МКК чысты прыбытак складаў 51,9 млн рублёў, то 2025-ы ён скончыў з мінусам у 40,5 млн. Падатку на прыбытак прадпрыемства заплаціла ў 7,8 разу менш, чым у 2024-м, а менавіта 2,7 млн рублёў.
Адна з імаверных прычын сыходу ў мінус — маштабная інвестыцыйная дзейнасць, на якую летась выдаткавалі 55,7 млн рублёў, з іх 38,3 млн — уласныя грошы.
Акрамя сваіх укладзеных сродкаў летась прадпрыемства прыкметна нарасціла сумы абавязанняў па пазыках: з 530 тысяч рублёў да 153,2 млн у частцы доўгатэрміновых крэдытаў.
Мінскі малочны завод № 1
Выручка ад асноўнай дзейнасці гэтага завода вырасла амаль на 21% — да 1, 17 млрд. рублёў, а прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі — на 29,7%. Рэнтабельнасць продажаў летась павялічылася з 3,8% да 4%.
Буйное сталічнае прадпрыемства завяршыла год з чыстым прыбыткам 5,3 млн рублёў (+36%).
Падатку на прыбытак яно заплаціла ў 5,6 разу менш, чым у 2024 годзе, — 371 тысячу. Хоць прыбытак да падаткаабкладання знізіўся на 5% і склаў амаль 5,7 млн рублёў.
Дзяржпадтрымка прадпрыемства на цяперашнюю дзейнасць завода вырасла больш чым на 66% і склала 1,9 млн рублёў. А на інвестыцыйную дзейнасць бюджэтных грошай улілі аж у 20 разоў больш, чым год таму, — 3,36 млн.
«Беллакт»
Гэты вядомы малочны брэнд летась сышоў у мінус, хоць аб’ёмы вытворчасці выраслі. Чыстая страта склала 12 млн рублёў. Для параўнання: па выніках 2024 года чысты прыбытак быў 30,5 млн.
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі скарацілася на 5,5% і склала 555,4 млн рублёў. У прадпрыемства выраслі як кіраўнічыя выдаткі, так і выдаткі на рэалізацыю то-бок на продаж прадукцыі). Летась сабекошт прадукцыі кампаніі, а таксама фінансавыя выдаткі адчувальна выраслі.
42% вырабленай прадукцыі пастаўлялася на экспарт, грашовыя даходы ад продажаў за мяжу скараціліся на 16,4%. Запасы гатовай прадукцыі на пачатак года перавысілі 125 млн рублёў. Гэта 238,4% ад сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці.
Нагадаем, «Беллакт» — адзіны ў Беларусі вытворца дзіцячых малочных сумесяў поўнага цыклу. Дзяржаве ў ім належыць доля амаль 60%.
Летась да прадпрыемства далучылі «Гродзенскі кансервавы завод», чые фінансавыя праблемы «Беллакт» вырашаў некалькі гадоў да гэтага. Там збіраліся арганізаваць вытворчасць дзіцячага фруктовага і агародніннага харчавання.
Рагачоўскі МКК
Вытворца вядомай згушчанкі скончыў год з плюсавым балансам, але больш сціплым, чым год таму. Выручка прадпрыемства вырасла амаль на 9% — да 981,2 млн рублёў. Пры гэтым чысты прыбытак скараціўся амаль удвая — з 31,9 млн у 2024-м да менш чым 16 млн рублёў.
У завода павялічыліся кіраўнічыя выдаткі і на рэалізацыю, дадаткова падскочыў сабекошт рэалізаванай прадукцыі і выдаткі па фінансавай дзейнасці.
Чытайце таксама






