На аўкцыён выставілі гандлёвы цэнтр у Магілёве. Раней яго ўладальнікам быў буйны полацкі бізнесовец Уладзімір Захараў, якога ў лютым гэтага года асудзілі ў тым ліку па «палітычным» артыкуле. Аб’ява апублікаваная на электроннай пляцоўцы «БелЮрЗабяспечання».
Гандлёвы цэнтр «Стралец» у Магілёве знаходзіцца на вуліцы Каштанавай, 4. Гэта пяціпавярховы каменны будынак з тамбурам, разгрузачнай рампай, тэхнічным паверхам, падвалам. Памяшканне займае плошчу 3 778,7 м².
Сярод абцяжаранняў пазначаныя арышт, забарона здзяйснення рэгістрацыйных дзеянняў судовага выканаўцы, а таксама арэнда. Лот належыць кампаніі «Рэнта-Інвест», заснаванай у пачатку 2023 года. Тады ж пад яе кіраванне і перайшоў гандлёвы цэнтр, які да таго моманту належаў кампаніі «Гандлёвы дом „Стралец“», закрытай у выніку рэарганізацыі.
Стартавы кошт выстаўленага на аўкцыён лота — 5,9 млн рублёў.
Гэты будынак ужо справабалі прадаць роўна два гады таму. Тады за яго хацелі 6,1 млн. Але пакупнікоў знайсці не ўдалося.
Хто такі Уладзімір Захараў
Бізнесоўцу Уладзіміру Захараву належала вялікая частка гандлёвых плошчаў у Полацку і Наваполацку. Гэта буйныя гандлёвыя цэнтры, гіпермаркет, рынак «Стралецкі». Раней Захараў валодаў тэлеканалам «Квант» і газетай «Інфарм-плюс», лікёра-гарэлачным заводам «Вінрэал». Ён вёў бізнес і ў іншых гарадах.
12 красавіка 2024 года СК пачаў спецвытворчасць у дачыненні да бізнесоўца. Акрамя ўхілення ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і дыскрэдытацыі Беларусі яму таксама інкрымінавалі ўхіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў у асабліва буйным памеры і ўхіленне ад выплаты страхавых унёскаў.
Паводле інфармацыі YouTube-канала «Красивый северный регион Беларуси», у 2025-м бізнесовец вярнуўся ў Беларусь і адразу быў затрыманы. Сцвярджаецца, што проста ў аэрапорце яго сустрэлі сілавікі і суправадзілі ў віцебскае СІЗА.
Паводле звестак праваабарончай арганізацыі «Вясна», прысуд 57-гадоваму мужчыну вынеслі 28 лютага 2026 года. Яго прызналі вінаватым па арт. 243 (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў) і арт. 369−1 (Дыскрэдытацыя Беларусі) Крымінальнага кодэкса.
Захараў атрымаў пяць гадоў агульнага рэжыму і адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 20 у Мазыры. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
24 снежня 2025 года Захараў быў унесены ў «спіс экстрэмістаў».
У мужчыны астма і быў інсульт мозгу, на ўтрыманні — маленькая дачка.
Чытайце таксама






