З гэтага года ў Беларусі ўвялі акцызы на безалкагольныя энергетычныя напоі. Вытворцы такой прадукцыі і эксперты абмеркавалі магчымыя рызыкі такога рашэння, паведамляецца на сайце Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Са спасылкай на даследаванні ўдзельнікі заявілі, што рашэнне можа ўдарыць па рынку і прывесці да росту цэн, павелічэння нагрузкі на бізнес, зніжэння выручкі і магчымага скарачэння працоўных месцаў.
Сцвярджаецца, што даследаванні Інстытута эканомікі НАН Беларусі і Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі праводзіліся для прагназавання сацыяльна-эканамічных і бюджэтных эфектаў ад увядзення акцызных збораў на безалкагольныя напоі з утрыманнем цукру. Пры гэтым яны паказалі імавернасць узнікнення значнай рызыкі для галіны, уключаючы рост цэн, павелічэнне адміністрацыйнай нагрузкі на бізнес і падатковыя органы, зніжэнне выручкі і падатковай базы вытворцаў такіх напояў, а таксама скарачэнне працоўных месцаў.
Прадстаўнікі бізнесу лічаць, што скарачэння спажывання цукру праз напоі з яго ўтрыманнем можна дабівацца іншымі мерамі — не такімі траўматычнымі для вытворцаў.
Сярод магчымых рашэнняў, якія яны прапанавалі, — заахвочванне выпуску больш карысных і інавацыйных напояў, зразумелая маркіроўка, фармаванне здаровых звычак спажывання, асвета пакупнікоў і больш адказны падыход да рэкламы і маркетынгу.
Нагадаем, у Беларусі летась абмяркоўвалася магчымасць увядзення акцызаў на некаторыя безалкагольныя напоі з даданнем цукру і яго заменнікаў. Аднак зацікаўлены бізнес і раней выступаў супраць такой ініцыятывы, адзначаючы, што такія меры «не прынясуць дадатковага даходу ў бюджэт і не прывядуць да скарачэння спажывання гэтых прадуктаў насельніцтвам».
Тым не менш з 1 студзеня гэтага года ўлады ўвялі акцызы на безалкагольныя энергетычныя напоі.
Чытайце таксама






