Вы можаце даслаць нам 1,5% сваіх польскіх падаткаў
Беларусы на вайне
  1. У траўні падымуць некаторыя пенсіі — хто атрымае прыбаўку
  2. Трох беларусаў будуць судзіць за здраду дзяржаве
  3. Увялі валютнае абмежаванне для насельніцтва
  4. Евросоюз принял 20-й пакет санкций против России — туда попали и две беларусские компании
  5. Названы самы прывабны горад для турызму ў Беларусі — і гэта не абласны цэнтр ці Мінск
  6. Ён мусіў напісаць найвялікшую эпапею беларускай літаратуры, але не паспеў. Пяць пунктаў пра нашага класіка, які апярэдзіў Рэмарка
  7. Сильный ветер валил деревья, срывал крыши, обрывал провода, есть пострадавшие. В МЧС рассказали о последствиях разгула стихии
  8. За беларусаў актыўна ўзяліся ашуканцы, якія дыстанцыйна блакуюць смартфоны. Дзяўчына знайшла спосаб іх перахітрыць
  9. Лукашенко — чиновникам: «Ребята, вы просто одной ногой в тюрьме»
  10. Дзяўчынцы з СМА, якой сабралі 1,8 млн даляраў на самы дарагі ў свеце ўкол, дактары сказалі: «Не паказана». Як так?
  11. У Беларусі выраслі стаўкі ўтылізацыйнага збору
  12. У раёне мінскага мотавелазавода знясуць «малакаштоўную забудову», жыхары ўжо адселеныя. Што там пабудуюць
  13. Пасля скаргаў выкладчыка кіраўніцтва БДУІР апублікавала звесткі пра заробкі ў навучальнай установе
Читать по-русски


/

Гуляючы па вуліцах Варшавы, Аляксандр заўсёды затрымліваў погляд на Вялікім тэатры — і марыў аднойчы зайсці туды як супрацоўнік. Справа ў тым, што беларуса пасля эміграцыі не адпускала мінулае: ён шмат гадоў прапрацаваў у адным з мінскіх тэатраў. Праўда, не акцёрам, а інжынерам. Некалькі месяцаў таму жаданне мужчыны здзейснілася — і цяпер ён уласнаручна працуе над дэкарацыямі для чарговай пастаноўкі. Аляксандр расказаў «Люстэрку», як упершыню трапіў у тэатр, колькі заняло вяртанне ў сферу ў эміграцыі і як ён сумаваў па тэатры, а яшчэ — пра розныя падыходы і заробкі ў Беларусі і Польшчы.

Будынак Опернага тэатра ў Варшаве, Польшча. Фота: Tilman2007, commons.wikimedia.org
Будынак Вялікага тэатра ў Варшаве, Польшча. Фота: Tilman2007, commons.wikimedia.org

«Тэатр — гэта маленькая дзяржава ўнутры дзяржавы»

Шлях да тэатральнага інжынера для 36-гадовага цяпер Аляксандра, як ні дзіўна, пачынаўся ў адной з аграрных навучальных устаноў. Яшчэ падчас вучобы там тагачасны студэнт шукаў працу — знайсці яе дапамог прыяцель, які якраз працаваў у адным з мінскіх тэатраў (яго суразмоўца не называе, каб не нашкодзіць былым калегам).

— Ён мне сказаў, што там патрабуюцца асвятляльнікі. Я прыйшоў, даў працоўную кніжку — і ўсё. Думаў, на годзік, не больш, а застаўся больш чым за дзесяць. Як у нас кажуць, хто прыходзіць у тэатр часова, застаецца да канца. Гэты жарт сыграў вялікую ролю, — з усмешкай расказвае ён.

На пытанне, чаму ў выніку застаўся на шмат гадоў, Аляксандр таксама адказвае пасміхаючыся і з цеплынёй у голасе.

— Тэатр — гэта месца, дзе ты заўсёды ўдзельнічаеш у творчасці. Працуеш на сцэне, прымаеш удзел у пастаноўках, прыходзіш вечарам на спектакль — робіш тое, што падабаецца, і кайфуеш ад гэтага. Ты ў коле людзей, якія думаюць так жа. У тэатрах няма лішніх людзей, — упэўнены ён. — Таму проста закахаўся ў тых, кто працуе там, у творчыя працэсы. Тэатр — гэта маленькая дзяржава ўнутры дзяржавы. Прыходзіш ва ўнутраны дворык — там людзі паляць, п’юць каву. Заходзіш нават у вольны дзень, калі шпацыруеш побач па горадзе — проста пагутарыць. Іншы лад жыцця.

Театральная афиша Купаловского театра, сделанная латинкой. Спектакль «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл». Фото: Zedlik, Wikipedia Commons
Афіша спектакля Купалаўскага тэатра ў Мінску, выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Zedlik, Wikipedia Commons

Спачатку Аляксандр працаваў мантажнікам сцэны, збіраў дэкарацыі. Ужо падчас працы атрымаў вышэйшую адукацыю. А пазней мужчыне прапанавалі пазіцыю інжынера-механіка.

— Сцэна была прасунутая: з рознымі механізмамі, электрычнымі штанкетамі — такімі балкамі, якія з’язджаюць. Гэта ўсё кіравалася з планшэта. І шукалі чалавека, які можа гэта рабіць. Паколькі я ўжо атрымаў дыплом, мне прапанавалі гэтым займацца, — ўзгадвае ён. — Так некалькі гадоў я стаяў за кулісамі і кіраваў усім, што тэхнічна адбываецца на сцэне з дэкарацыямі альбо акцёрамі. Бо ўсё павінна было быць бяспечна для людзей, якія заходзяць, выходзяць, ездзяць, — расказвае Аляксандр пра сваю працу. — Я быў «шэрым кардыналам», які не атрымліваў авацый, але браў удзел ва ўсім гэтым. Выпусціў больш за 30 спектакляў.

Хаця падаецца, што праца выключна тэхнічная, у ёй шмат месца для творчасці, дадае Аляксандр.

— Было прыемна, калі рэжысёр кажа: «Саша, вось трэба так, як мы можам гэта зрабіць?» Ты разумееш, што ад цябе патрабуецца, каб ты нешта прыдумаў, выкруціўся з сітуацыі. І падбіраеш, як гэта лепш рэалізаваць, які тэмп, з якой хуткасцю круг павінен ехаць, каб усё трапляла ў музыку, — тлумачыць суразмоўца. — Рэжысёр мяне любіў за тое, што я мог падабраць такую хуткасць, каб ўсё пачалося і скончылася ў музыку, з залы выглядала прыгожа. Бо не ўсе так маглі, і тады тое, што адбывалася на сцэне, выглядала тапорна.

Вид на зрительный зал со сцены Национального академического театра оперы и балета, 2015 год. Фото: TUT.BY
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

«Калі нешта паедзе не ў той момант, можна чалавека зрабіць інвалідам»

Праца тэатральным інжынерам вельмі адказная, працягвае беларус. Ад яго залежыць усё, што будзе адбывацца на сцэне з тэхнічнага боку. Таму перад вачыма падчас спектакля заўсёды ляжыць партытура, якую спецыяліст сам складае падчас рэпетыцый.

— Ты запісваеш, пасля якога слова трэба нешта ўключыць, пасля якога слова альбо дзеяння на сцэне мусіш запусціць гук ці пусціць ехаць круг, — расказвае Аляксандр. — Ёсць памочнікі рэжысёра, якія за кулісамі таксама бегаюць і ўсё кантралююць. Звычайна ўсё было добра, але некалькі разоў бывала, што нешта ламалася пасярод спектакля. Аднойчы круг перастаў ездзіць, а ў нас уся пастаноўка на ім завязаная. У акцёраў быў цэлы акт фрыстайла, яны гралі без важных зменаў дэкарацый.

Але на гэтым адказнасць не скончваецца. Калі інжынер нешта зробіць не так, ён можа нанесці фізічную шкоду акцёрам, дадае мужчына.

— Калі нешта паедзе не ў той момант, можна чалавека зрабіць інвалідам. Напрыклад, хтосьці можа ўпасці ў люк, калі ён паедзе ўніз ці яшчэ нешта. Штосьці спускаецца зверху — ты павінен усё бачыць, каб ні на каго нішто не наехала. Усё павінна быць бяспечна. Таму я заўсёды намагаўся быць упэўненым, што нікога няма побач. І заўжды трэба быць сканцэнтраваным, каб нікога не ўдарыць і не закрануць, — расказвае ён. — Мне пашанцавала: ніякіх інцыдэнтаў пры мне не здарылася, бо я быў адказным. Менавіта праз гэта і працаваў там доўга, на мяне можна было разлічваць.

Тое, якую ролю займае інжынер у тэатры, добра ілюструе згаданы суразмоўцам выпадак з працы ў мінскім тэатры:

— Была смешная гісторыя, калі я пайшоў за кавай у наш маленькі буфет, і ўжо прагучаў трэці званок. Там стаяла жанчына, яна ўжо хацела пабегчы на месца, а я кажу ёй жартам: «Без нас не пачнуць». Яна на мяне як на дурня паглядзела, бо нават не ведала, хто я. А потым заходзіць кіраўніцтва і кажа: «Саша, ты калі? Без цябе не пачнем». Жанчына на мяне так дзіўна паглядзела (смяецца).

Минский театр кукол. Фото: puppet-minsk.by
Мінскі тэатр лялек, фота мае ілюстрацыйны характар. Фота: puppet-minsk.by

Праўда, Аляксандр быў задзейнічаны не на кожным спектаклі: калі на сцэне нічога не рухалася, а дэкарацыі не змяняліся падчас пастаноўкі, трупа абыходзілася без яго. Але калі рухалася ўсё, што можна, без суразмоўцы проста было не абыйсціся.

— Там ёсць два лагеры: адміністрацыйны корпус і пастановачны. Адміністрацыйны корпус працуе заўсёды пяць дзён на тыдзень, з васьмі да пяці. Пастановачны ж — як гэта патрэбуе рэпертуар. Я мог мець тры спектаклі на тыдзень, мог чатыры, а мог і адзін. Таму не быў павінен знаходзіцца цэлы дзень у тэатры (па дакументах сядзелі ўсе восем гадзін, але насамрэч так ніхто не робіць), — дзеліцца беларус.

Такі графік дазваляў мужчыне заўсёды мець падпрацоўкі, таму што «ў тэатры сыты не будзеш». Па словах Аляксандра, у 2021 годзе на пасадзе інжынера ён атрымліваў прыкладна 500−600 рублёў. Не так даўно ягоная пазіцыя была вакантная — прапаноўвалі ўжо 900−1000 рублёў.

— Грошы ў тэатрах Беларусі — гэта казка. Іх там няма і ніколі не было. Усе акцёры працуюць на Новы год снегурачкамі, вядучымі, ніхто не жыве на тэатральную зарплату. Калі табе не падабаецца, не затрымаешся. Калі гэта не тваё, пойдзеш у «Еўраопт» на касу працаваць, там больш грошай, — кажа суразмоўца.

«Глядзеў на вялікі будынак оперы і спадзяваўся, што калісьці сюды прыйду працаваць»

Пасля 2020 года Аляксандр апынуўся пад пільнай увагай — ягоная пазіцыя выклікала пытанні «наверсе».

— Мяне папярэджвалі, што камусьці там не падабалася, што я працягваю працаваць у дзяржаўнай сферы, — згадвае беларус. — А ў снежні 2021 года ў тэатр прыйшоў ліст датычна мяне.

Пасля гэтага мужчына ўсё вырашыў за дзень: сабраў рэчы і з’ехаў у Грузію. Там пражыў паўгода, а потым, летам 2022-га, пераехаў у Варшаву. На той момант не ведаў ні польскай мовы, ні людзей у польскай сталіцы.

— Першае, што я зрабіў, — уладкаваўся на маленькую фабрыку, дзе ўсе супрацоўнікі былі ўкраінцамі. Папрацаваў тры месяцы, а потым сышоў у аўтасэрвіс, бо крыху ўмеў рамантаваць машыны. Прыйшоў да паляка — паказаў, што магу. Ён адразу ўзяў, бо «відаць, што ты штосьці ўмееш», — узгадвае ён. — І паралельна вучыў мову, бо не хацеў доўга працаваць на аўтасэрвісе. Гэта брудная праца, мне не вельмі падабалася.

Падтрыхтоўка дэкарацый у Оперным тэатры ў Варшаве, красавік 2026 года. Фота: асабісты архіў
Падрыхтоўка дэкарацый у Вялікім тэатры ў Варшаве, красавік 2026 года. Фота: асабісты архіў героя

Нягледзячы на гэта, Аляксандр прапрацаваў у сервісе два гады. Трымалі добрыя стасункі з уладальнікам, а таксама заробак — хапала на здым кватэры і жыццё. Але ўвесь гэты час ён марыў пра вяртанне ў тэатр.

— Я глядзеў на гэты вялікі будынак Нацыянальнай оперы і спадзяваўся, што калісьці сюды прыйду працаваць. Бо калі ідзеш па Варшаве і бачыш яго, немагчыма не марыць паглядзець, як там усё ўнутры. Але не думаў, што гэта будзе так хутка. Здавалася, што пяць гадоў спатрэбіцца, а, можа, і больш, — прызнаецца ён.

Пра іншыя сферы для працы не было і думкі, дзеліцца мужчына.

— Мне падабаецца гэты неспешны лад жыцця. Прыходзіш у тэатр — разумееш, што ты гэта любіш, — кажа Аляксандр. — Я ж за жыццё і ў продажах працаваў, і ў аўтасэрвісе быў, і тэхнічным спецыялістам у амерыканскай кампаніі. Але заўсёды мяне нешта цягнула назад у тэатр. Можа, і хацеў бы штосьці змяніць, але калі ты за мяжой кожная рызыка можа стаць фатальнай памылкай. А тут я ведаю, што добры спецыяліст, і магу даць больш на гэтым месцы.

Оперны тэатр у Варшаве, Польшча, красавік 2026 года. Фота: асабісты архіў
Оперны тэатр у Варшаве, Польшча, красавік 2026 года. Фота: асабісты архіў героя

«Пан нам спадабаўся, мы вас бяром»

За два гады ў аўтасэрвісе Аляксандр падвучыў мову, пачаў добра размаўляць — і адчуў, што час рухацца далей. Склаў рэзюмэ і адправіў ва ўсе тэатры Варшавы, якія змог знайсці.

— Мне патэлефанавалі з першага тэатра «Сірэна» — такі маленькі на «Палітэхніцы» (станцыя метро Варшавы. — Заўв. рэд.). Я ішоў туды, дакладна ведаючы, што мне патрэбна папрацаваць хаця б год, каб у рэзюмэ з’явіўся запіс пра досвед працы ў Польшчы, — дзеліцца развагамі ён. — І калі мяне ўзялі, калі падпісаў умову, я выдыхнуў, бо зразумеў, што гэта магчыма — уладкавацца ў сферу. Бо я думаў, што там працуюць палякі, што туды не бяруць мігрантаў. Што наша доля — працаваць у лепшым выпадку на аўтасэрвісе. Але атрымалася, што ты можаш усё ж такі знайсці штосьці сваё.

У «Сірэне» суразмоўца працаваў мантажыстам сцэны і рэквізіту, займаўся разборкай і зборкай дэкарацый. Часам нават выходзіў на сцэну падчас спектакля: проста памяняць дэкарацыі, але ў касцюме, як герой п’есы. Так працягвалася год, і на пачатку 2026-га беларус задумаўся пра новае месца.

— Мне не падабалася займацца рэквізітам. Там маленькі тэатр, людзі у ім застаюцца па 20−30 гадоў. Я зразумеў, што там магчымасць павышэння будзе ў гадоў 50, калі папярэднікі пойдуць на пенсію. Бо ўсе пасады занятыя, расці няма куды, — тлумачыць ён.

Оперны тэатр у Варшаве, Польшча, красавік 2026 года. Фота: асабісты архіў
Оперны тэатр у Варшаве, Польшча, красавік 2026 года. Фота: асабісты архіў героя

У гэты час Аляксандр якраз пабачыў вакансію ў Нацыянальнай оперы. Даслаў рэзюмэ, апісаў увесь свой досвед у абедзвюх краінах, але нават не спадзяваўся на адказ. Ужо праз дзень яму патэлефанавалі — і запрасілі на сумоўе.

— Прыйшоў, распавёў пра вышэйшую адукацыю і дзесяць гадоў стажу. Ішоў на пазіцыю мантажора, бо вельмі складана прыйсці ў чужым краі ў тэатр і сказаць: «Вітаю, я буду інжынерам». Таму адразу адзначыў, што хачу расці, не бачу сябе праз дзесяць гадоў на тым жа месцы. Яны адказалі, што ўсё магчыма, няма ніякіх праблем, — успамінае ён. — Праз некалькі дзён званок: «Пан нам спадабаўся, мы вас бяром». Адзінае — папрасілі перакласці маю працоўную кніжку і дыплом на польскую мову. Напэўна, праз патэнцыйнае павышэнне. Але пацвярджаць адукацыю не трэба як інжынеру — прынамсі, мне не казалі.

«Адчуваеш сябе часткай аднаго механізма, дзе няма вышэйшых і ніжэйшых»

Неабходнасць пачынаць кар’еру ў Польшчы з ніжэйшай пасады, чым была ў Мінску, не палохае, запэўнівае Аляксандр. Тым больш, што і інжынеры, і іншыя супрацоўнікі ў тэатры працуюць разам:

— Тут усе на адной сцэне: інжынеры, механікі, мантажысты, гукачы. Усе штосьці робяць, цягаюць, носяць. Спектакль мусіць быць, таму ніхто ў кабінеце не сядзіць. Гэта мне падабаецца, ты адчуваеш сябе часткай аднаго механізма, дзе няма вышэйшых і ніжэйшых.

Падтрыхтоўка дэкарацый у Оперным тэатры ў Варшаве, красавік 2026 года. Фота: асабісты архіў
Падрыхтоўка дэкарацый у Вялікім тэатры ў Варшаве, красавік 2026 года. Фота: асабісты архіў героя

Некалькі месяцаў таму, у першы працоўны дзень у оперы, Аляксандр быў пад уражаннем: вельмі вялікая сцэна, складана сканструяваная.

— Нават наша сцэна ў Мінску не дацягвае, бо тут усё ездзіць, усё рухаецца. Яна вельмі вялікая, на адзін спектакль ты можаш ставіць тры дэкарацыі. Калі апускаецца заслона, адна пляцоўка з’язджае, другая ўжо падрыхтавана з зусім іншымі дэкарацыямі. Зала таксама большая, месцаў вельмі шмат, — апісвае ён.

Нягледзячы на цяперашняе месца працы, ён з усмешкай дадае: оперу як жанр не вельмі любіць. Ды і часта не разумее, што спяваюць.

— Запытаўся ў палякаў: «Вы разумееце, што там спяваюць?» Кажуць: «Не». Я таксама не разумею і таму, што гэта опера, і бо яна на замежных мовах — смяецца ён. — Увогуле для мяне гэта вялікі жарт жыцця, што я працую тут. Але я люблю тэатр.

Ды і ствараць оперу — іншая справа. Асабліва ў Польшчы, бо розніца ў падыходах там і ў Беларусі істотная, сцвярджае Аляксандр.

— У польскіх тэатрах свабода. Гэта адчуваецца па людзях, па тым, што яны робяць на сцэне. Калі акцёру трэба закурыць, ён закурыць. Калі яму трэба мат сказаць, ён скажа, — прыводзіць прыклады беларус. — У Мінску такога не было. Але ўсё адно тут больш падабаецца, адчуваеш, што тэатр — гэта культура, а не савецкае нешта, дзе ўсё павінна быць вылізана. Тут тэатр — гэта проста жыццё. Людзі жывуць свабодна, без усякіх межаў. І на сцэне адбываецца тое, што ў жыцці, без усякіх прыкрас.

Падтрыхтоўка дэкарацый у Оперным тэатры ў Варшаве, красавік 2026 года. Фота: асабісты архіў
Падрыхтоўка дэкарацый у Вялікім тэатры ў Варшаве, красавік 2026 года. Фота: асабісты архіў

«Не згубіць сябе ў эміграцыі — гэта цяжка»

Як заўважыў суразмоўца, адрозніваюцца і гледачы. У Мінску, успамінае ён, заўсёды было складана сабраць залу — рассылалі білеты па школах і не толькі. Праўда, такая сітуацыя не ва ўсіх — напрыклад, у Беларусі ў Тэатры лялек білеты цяпер раскупленыя на месяцы наперад.

— Тут я ў двух тэатрах працаваў, і заўсёды былі аншлагі. У Варшаве часта не можаш проста сёння купіць білет і ў той жа дзень пайсці ў тэатр. Трэба купляць за месяц-два. А ёсць спектаклі, на якія за паўгода ўжо варта ўсё набываць, — адзначае Аляксандр. — Таксама ў аўдыторыі іншае стаўленне. Напрыклад, у першым тэатры мы ставілі «Бітлджус», і гледачы прыходзілі ў касцюмах Бітлджуса (персанаж аднайменнага фільма рэжысёра Ціма Бёртана. — Заўв. рэд.), размаляваныя ўсе. У оперы, канешне, так не зробіш. Але агулам да акцёраў тут ставяцца як да зорак, іх чакаюць каля тэатра, каб зрабіць фатаздымкі ці аўтограф узяць. А ў нас паглядзелі і пайшлі. Гэта галоўнае адрозненне.

Ёсць істотная розніца і ў заробках. Як ужо казаў Аляксандр, у Мінску ён працаваў прыкладна за 600 рублёў, будучы інжынерам. Цяпер жа як звычайны мантажор (для гэтага нават не патрэбна вышэйшая адукацыя) ён атрымлівае пяць тысяч злотых (амаль 4 тысячы рублёў па цяперашнім курсе). Таксама дадаткова аплочваюцца выхады на сцэну — часам можна зарабіць яшчэ 600 злотых (470 рублёў).

— Узровень жыцця не толькі вырас, ён стаў нармальным. Калі графік дазваляе мець дзве працы, то наогул няма пра што казаць. Я вось пытаўся ў хлопцаў у тэатры, якія жывуць ва ўласных кватэрах, — яны больш нідзе не працуюць. А мне трэба плаціць арэнду за кватэру, таму працую на дзвюх працах — але і адкладаю даволі шмат. Узровень жыцця стаў нармальным. Заўсёды працаваў недзе па-за тэатрам, каб не адчуваць сябе галодным, — расказвае ён. — Таксама, як прыклад, ты можаш купіць за 40 еўра білет на самалёт, а не збіраць на падарожжа два гады. Гэта розныя паняцці.

Падтрыхтоўка дэкарацый у Оперным тэатры ў Варшаве, красавік 2026 года. Фота: асабісты архіў
Падрыхтоўка дэкарацый у Вялікім тэатры ў Варшаве, красавік 2026 года. Фота: асабісты архіў героя

Нягледзячы на радасць ад вяртання ў сферу, Аляксандр прызнаецца: сумуе па тым, кім быў у Мінску. Бо там і пасада была вышэй, і ўвогуле адчуваў сябе чалавекам, які робіць сур’ёзныя рэчы на сцэне.

— Але пасля ўсіх гэтых палітычных падзеяў я сябе ўжо не бачу ў дзяржаўнай сферы. Для мяне гэтыя дзверы зачыненыя. Бо тэатр мусіць быць свабодным, а нашыя жывуць у ланцугах. А культура так не можа існаваць. Таму, хаця я і сумую, ўсё ж такі вельмі рады, што цяпер у тэатры і свабодны, — прызнаецца ён. — Тым больш, што не згубіць сябе ў эміграцыі — гэта цяжка. Трэба знаходзіць у сабе сілы, каб уставаць кожны дзень і вучыцца нечаму новаму. Можна лёгка здацца і пайсці не ў тым кірунку. А я, наадварот, хачу аднойчы стаць інжынерам ужо ў варшаўскім Оперным.

Магчыма, і хацелася б працаваць у кабінеце і паперкі перакладаць, дадае суразмоўца. Але ведае: на сцэне ад яго больш карысці, таму і ідзе «як цягнік наперад» апошнія чатыры гады.

— Тэатр я люблю. Магчыма, ён мне і сапсаваў жыццё, бо я мог бы быць крутым праграмістам, зарабляў бы кучу грошай. А я ў тэатры працую, — іранізуе Аляксандр.